Бесплатно

У чым яго крыўда?

Текст
iOSAndroidWindows Phone
Куда отправить ссылку на приложение?
Не закрывайте это окно, пока не введёте код в мобильном устройстве
ПовторитьСсылка отправлена

По требованию правообладателя эта книга недоступна для скачивания в виде файла.

Однако вы можете читать её в наших мобильных приложениях (даже без подключения к сети интернет) и онлайн на сайте ЛитРес.

Отметить прочитанной
Шрифт:Меньше АаБольше Аа

– Пастой, Лявон, куды ты? – гукаў бацька. – Зараз вады прынясець Лаўрынька, будзем абдавацца.

– Добра, добра! – сказаў, а сам, не маючы ўжо сілы вытрымаць усіх крыўд для цела і думак, выйшаў як п'яны ў прымыльнік, схапіў адзежу і рупна, як толькі служылі рукі, пачаў, не абдаўшыся чыстаю вадою і з прыліпшымі на целе лісцінкамі ад веніка, адзявацца.

Калі трошку пахаладнеў на свежым паветры, ён ад злосці патрошкі пераходзіў у сум і горкую пакуту.

«А нягожа мне казаць: бязглуздае, дзе толькі цемната, – сядзела яму ў галаве. – Скуль жа ведаць гэтаму старому вяскоўцу, прыгонніку яшчэ – Мікіце, што ён вучыцца не дзеля таго, каб толькі заграбаць грошы; што ён жа іншы, не цураецца вёскі, любіць яе і паважаець, як родны сын; што ён будзе кіравацца на ўсе сілы, каб бачыць яе цвярозаю, светлаю, здаволенаю жыццём; што ён «запанеў», але зусім не так, як думае Мікіта. І лацвей ім, – думаў Лявон далей, – страляць у вочы: запанеў! – калі яны ведаюць вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль у сэрцы і смутак у думках у мяне, прымака ў тым «панстве» і пасынка ў вёсцы, – і яны валей згодзіліся б ехаць з сошкаю на родныя шнурочкі, чымся так запанець…»

Кашуля не надзявалася, мялле наліпала і калолася, нечым дрэнным пахла. Шапку шукаў-шукаў Лявон, каб прыкрыць ад ветру мокрую галаву, і ніяк не мог знайсці ў дакучлівай, прыкрай цямноце прымыльніка.

– Браточкі, што ж гэта, я ж акалеў зусім… Кажыце, хто ўзяў мае штаны? – пытаўся дзядзька Якуб, хныкаючы з лазні ў прымыльнік і назад у лазню ў адной кашулі без штаноў. – А хто тут яшчэ скруціўся пад нагамі? Ай табе месца мала? – узбіўся ён на Лявона.

– Я… – адгукнуўся Лявон ціхім, сумным і злым голасам.

– Ах, гэта вы?! Даруйце, Рыгоравіч!! Гэта я няўмысля патурбаваў вас… – не ведаў, дзе яму дзецца ад сораму, дзядзька, і якраз тут, сагнуўшыся, каб што-небудзь падаць пляменніку, знайшоў сваю адзежыну: Лявон ці хто затаптаў тут яе нагамі.

А Лявону было так прыкра, і так яму балела, і такая злосць брала яго на нікчэмную, падлыжніцкую далікатнасць цёмнага дзядзькі – такога змалку дзён любага, дарагога, бо нешчаслівага ў жыцці, дзядзькі Якуба.

У цяжкім настроі варачаўся Лявон з лазні.

Быў ціхі вечар. На высокім небе ззялі зорачкі, ліў месяц сваім сярэбраным, хоць і пазычаным, святлом. Скрыпеў пад нагамі марозны снег. А Лявону было цяжка.

«Беларусь, Беларусь! Што ты цяпер ёсць?» – звінела яму адна думка. «І што з табою будзе», – плыла другая.

А зорачкі блішчэлі так хораша на небе, і скрыпеў снег. І мерныя тужлівыя вершы ляцелі знедкуль.

 
Мой родны край, краса мая,
З табой навек расстаўся я!..
 

«Не, не расстаўся я з табою, мой родны край, – думаў Лявон, – не расстаўся, але ў вялікай нязгодзе ўжо мы з табою… Ты не разумееш мяне, а я не магу згодзіцца з табою і з тваімі парадкамі».

«З якімі парадкамі? – вытыркнулася з'ядлівае джала мудрага змея з самага свайго закутачку душы, – што ў мужыцкай лазні табе ўжо невыгодна мыцца, дык усё Цёмналессе павінна перакуліцца перад табою?.. Падумаеш, які важны, вучоны, разумны, цывілізованы зрабіўся! А чаму Цёмналессе такое, ты ўжо менш думаеш! А як лёгенька дастаецца мужыку і той быт, які ён мае, ты ўжо менш думаеш!.. Ты ўжо забываешся, забываешся!..»

Тады струны сэрца задрыжэлі вялікім жалем. Маркотна-маркотна панясліся ў памяці іншыя радкі прачытанага нядаўна верша:

 
Мой родны край, як ты ж мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы…
 

«Ага, вось так… – закруціўся ў сваім закутку з'ядлівы мудры змей, – самае лепшае: забыцца на яго! Забудзь, забудзь!.. Не ты ў нас гэткі першы, не ты ў нас гэткі і апошні…»

«О, не! – змагаўся хлопец, – о, не! Ніколі я не адарвуся ад цябе! Але што рабіць, за што ўхапіцца, адкуль пачынаць?»

У мазгах адным момантам прамільгнула «Наша ніва» і невядомыя людзі, што яе пішуць, і Якуб Колас, і Янка Купала, і свае больш рэвалюцыйныя таварышы – вучні, з якімі на фермскім полі, а часам ціханька і ў пансіёне пяяў «Вихри враждебные веют над нами…» ці «Адвеку мы спалі і нас разбудзілі…», і быўшы яго рэпетытар – бундавец, які рэвалюцыйна настрайваў свайго вучня, але ніколі словам не заікнуўся ні аб якай партыйнай арганізацыі ў сваім горадзе і як туды паступаць…

Адным момантам прамільгнула – і было пуста. А так хацелася зараз узяцца, зараз пачаць будаваць усё на іншы лад, зараз нешта рабіць!

«Але што рабіць, за што ўхапіцца, адкуль пачынаць?..»

V. Лявон меўся паехаць у школу на посную куццю…

– Расці, хмелю, глыбока, караніста, высока!..

З народн[ай] песні

Лявон меўся паехаць у школу на посную куццю, перад Вадохрышчамі, але стары конь нешта кашляў, а малады, як на тое, намуляў сабе троху плячо, дык прыйшлося адлажыць выезд на пару дзён.

І вось Вадохрышчы, па волі сляпых багоў – прыпадкаў, зрабіліся пераломным днём у Лявонавым настроі. Нават можна сказаць, што самы дзень Вадохрышчаў яшчэ належаў да старых парадкаў, а новыя пачаліся толькі ўвечары.

Пэўна ж, Лявон у царкву не паехаў. Але пасля паўдня, добра паабедаўшы, надумаўся ён схадзіць у Залужжа к Лейзару па свае бацінкі. І схадзіў, і ўзяў бацінкі, былі ўжо наладжаны, і ішоў ужо назад. Аж на вуліцы стаяў сват іхны залужанскі (яго дачка ды была замужам за дзядзькавым пляменнікам). Убачыўшы Лявона, ён пераняў яго, прычапіўся да беднага хлапца, як якая смала, і прост гвалтам пацягнуў к сабе ў хату на чэсць.

– Ну хоць пасядзіце ў мяне, калі ўжо нічога ніякага не хочаце, – цягнуў ён Лявона за рукаў і за гузік.

І каб не сорам было перад людзьмі тузгацца з гасцінным сватам на вуліцы, Лявон пайшоў на часінку.

Свацця зараз саскочыла з печы, збегала ў клець, нарэзала поўную латушку сцюдзёнага сырога сала і паставіла на стол. А меншага сына паслала к Лейзару пазычыць самавар.

Неўспадзеўкі трапіў наш Лявон у нуднае сіло і з цярплівай боязню меркаваў, колькі яшчэ прыйдзецца сядзець на гэтай чэсці, пакуль паспее самавар. А вядома, што ў Залужжы, як і ў Цёмналессі, не можа паспець самавар раней як цераз добрую гадзіну, нягледзячы на самае пільнае паддзьмухванне яго самаю шырокаю халяваю.

Тым часам не драмаў і сват. Ён ведаў, што Лявон, як чалавек нябы-які, гарэлкі піць не будзе, дык, папрасіўшы прабачэння ў госціка і даручыўшы жонцы вартаваць яго, каб не надумаўся бы часам уцячы, сам кінуўся, стары, да Лейзара па піва. І не паспела свацця сказаць з гасцём і пары слоў і накраіць пяць скібак хлеба, як сват, маўклівы ад пышнага пачуцця, пераступіў парог з распёртымі кішэнямі, з выпнутаю пазухаю і нават з рукава дастаў адну бутэльку.

Свацця паставіла на стол пару нямытых шклянак і адзін шчарбаты кубак, а сват наліў.

– Ну, сваток! Давай Бог… вып'ем жа хоць піва, калі гарэлку зневажаеце… – і ўзяў адну шклянку сабе ў рукі, другую падсунуў ён Лявону, а на шчарбаты кубак мігнуў вачыма жонцы.

– Будзьце здаровы!

– Піце-ка на здароўе!

Піва было нішто сабе – трошачку гаркавае дзеля непрывычкі.

– Закусіце ж, сваточак, нашым салам! – абцёршыся, прыстала свацця.

«Ай Божа мой! Не хочацца мне сала!» – хацеў адпрашвацца госць, але тут жа прачытаў у іх вачах нецярплівае ўпрашальнае чаканне: ці ён будзе есці сала, ці ён не?

І ўкусіў ён троху таго сцюдзёнага сырога сала пасля піва і нядаўнага добрага святочнага абеду, і з душы стала яму вярнуць ад гэтага сала. Не хацеў ён яго есці, дужа не хацеў.

А сват і свацця, дзеля свае святое беларускае гасціннасці, проста з нажом прысталі, каб ён еў дый еў.

«Грэбуе намі і нашаю ядою», – ужо стаў ён чытаць у іх сялянскіх, не прызвычаеных маніць вачах. І ён спалохаўся, што во ізноў, не хочучы, а-ткі пакрыўдзіць простых і сваіх людзей.

Ад безвыходнага становішча ён накінуўся на піва… Піў столькі, што сват і асабліва свацця нават здзівіліся, што гэтак упадобіў Лейзарава піва.

«Мусіць, ад вучонасці так, – падумалі яны абое, – усё ж вучоным прыямней піць піва, чымся простую гарэлку».

Выпілі ўсё піва, а самавар яшчэ толькі-толькі пачынаў заводзіць ноты на грубейшы голас.

Язык Лявону тым часам троху развязаўся, вочкі пасалавелі, і хітры, зусім цвярозы сват тут добра сцяміў, што вось цяпер-то можна хоць і пляшку гарэлачкі на стол паставіць.

– Э, я ж думала, што сваток пагрэбуеце намі, доўга сядзець у нас не будзеце, дык гэта я, шату-бату, паставіла сырое сала… Я ж магу дзеля такога госціка і яешанку спрагчы.

І завінулася прагчы яечню.

Пасля падышлі свацціны браты, маладзенькая і прыгожая дзяўчынка – сватава пляменніца, два сватавы сыны, яшчэ і другія блізкія людзі, – і бяседа была вясёлая і без ніякіх прыкрасцей нікому. Адным словам, ніхто і нават сам Лявон ніякае завады або клопату, што нешта ёсць не так, не чулі.

Калі ж усё паелі-папілі і арэхамі пачаставаліся, – было на дварэ цёмна. І хоць да Цёмналесся ад Залужжа і дзвюх вёрст не будзе, аднак здаволены сваток запрог кабылу, і сам павёз яго дадому, і даставіў шыбка і добра з тымі яго бацінкамі.

Вось гэтак-то і стаўся перакрут у думках.

І калі сват, напіўшыся і ў іх гарбаты (а то ж была і пляшка), пацалаваўшыся з усімі, і найпрыемней з самім Лявонам, паехаў сабе на сваёй кабыле да свае хаты, тады вечны сляпы кірунак у жыцці людзей і далей пайшоў тут сёння тым сваім торам…

Перш-наперш наш Лявон, паслухаўшы загаду няведамае сілы, дастаў з скрыначкі крухмальны каўнярок і паддзеў яго пад каўнер кашулі сабе на шыю.

– Мусіць, наш Лявон сяння гуляць мае пайсці: хамуток надзеў, – жартліва сказаў Лаўрынька, прыглядаючыся к выпіўшаму брату.

Лявонька засмяяўся.

Тады хлопчык заскакаў на адной назе і пяяў насмешным, але радасным тонам і голасам:

– Хамуток! Хамуток! Хамуток!

– Лаўрынька, ты памыляешся, – сказаў вясёлы Лявон, – белы каўнярок ёсць знакам цывілізацыі… толькі дзікуну ён здаецца хамутком.

 

– Ну, добра, добра! Будзь сяння панам, – дазволіў яму патураючы Лаўрынька.

Потым зайшоў у іхну хату кавалёў сын з Салаўёвых Машкоў, зайшоў ён мімаходам, трошку выпіўшы, але пагаманіць аб справе. Стары Задума наказваў яго бацьку, цераз людзей, што будзе насталіваць сякеру і мяняць каню падкову, – дык ці яшчэ думаюць, ці раздумаліся, а калі не, дык калі – у пятніцу ці ў суботу?

Зайшоў кавалёў сын з гармонікам. За ім ці, праўду кажучы, за тым гармонікам убіліся ў парог два хлопчыкі, бо думалі, што, можа, кавалёнак тут зайграе. Якраз за імі прыйшлі зараз і дзве бабы і яшчэ дзядзіна пасядзець з маткаю і селі на палу. За бабамі з'явіліся дзвёх маладух, два большых хлопцы і адна дзеўка – толькі паглядзець, бо думалі (з вуліцы ім так здалося), што сёння тут гуляюць. Пакуль жа яны разглядаліся ў сваёй абмылцы ды жартавалі з кавалёвым сынам, просячы яго пайграць ім сёння там, дзе збяруцца гуляць, – прырынулі к Задумавым, ну як бы па чыйму заказу, усім кагалам, хлопцы і дзеўкі, а потым і старыя і дзяцвішча… Набухталася поўненькая хата.

Зазвычай адбывалася гульня ў Мікітавых або яшчэ ў каго, ды толькі ж не ў Задумаў. А тут вось гэтак.

Спачатку бацька быў скрывіўся, бо яму здалося, мусіць, што і Лявон, як і заўсёды, не вотта ласкава глядзіць на няпрошаных гуляннікаў. Аж не: Лявон загаманіў – як бы не той быў чалавек.

А потым, ну, а потым… Лявон наш гэтак разгуляўся, што ўся яго філасофія развеялася дымам, прынамсі ж, на гэты вечар, а там будзе відаць далей.

Кавалёў сын, не доўга думаўшы, зайграў.

– Паскачце, маладыя! Чаго вы стаіцё? – сказала ім Задуміха.

І скокі пачаліся.

Пакуль тое ды сёе, Лявон ад столу перайшоў да свайго ложка, у правым куце ад дзвярэй, ля самага парогу, пасядзеў там, адылі перасеў на суднік, што пры печы.

Дзеўкі і хлопцы, забыўшыся за той вясёлаю гульнёю на асаблівую да яго ўважнасць, заступілі яго сваім грудам, – і нейкім дзівам побач з ім сядзела курносенькая, але бойкая, нішто сабе дзяўчына – Лёкса Леваноўна. Лявон з ёю, некалісь быўшы малым, вадзіў на пасту коней. Яна вадзіла, бо ў бацькі не было сыноў, дык канюшкамі ў яго былі дочкі.

– Чаму ты гэта, Лёкса, сядзіш, не скачаш? – надумаўся, асмеліўся Лявон пачаць з ёю гаворку.

Непрызвычаенае сэрца, у пэўнай меры адгароджанае ад даўнай простасці цывілізацыяй, чамусьці ў ім, разоў колькі, як дурное, тыхнула! Але нічога: зараз абляглося.

– Во каб з Рыгоравічам, дык бы пайшла! – адказала хітрая Лёкса.

Хаця тое «з Рыгоравічам», заместа казаць ты, было яму пачуць нялюба, а выявіць ёй фальш, што не гаворыць з ім, як з кожным цёмналесцам, было ніякава, – аднак жа яе бойкасць яму заўсёды падабалася.

– Не ўмею скакаць, – адмовіўся Лявон.

– Невялікая ж навука! Э! – шчупянулася яна. – Можа, Рыгоравіч, умееце і не гэтакія скокі, толькі сароміцеся гоцаць з намі – мужыкамі – па-мужыцку…

– Ну, Лёкса! Як табе не сорам так казаць? Што я? – не той самы мужык? І, дадушы, кадрылі я скакаць не ўмею.

– Дык пойдзем: я наўчу! – схапіла яго жартам за рукаў.

– Ой не, не, не! – адбіваўся хлопец. – Усе будуць смяяцца з маіх скокаў, усім ногі адтапчу…

– Не будуць! Пойдзем! – учапілася дзяўчына.

– Ой не, не, не, Лёксачка! Толькі не цяпер.

– Ну а калі?

– Пасля, пасля калі-небудзь, пасля!

– Калі ж пасля? А-а! – раздумалася Лёкса. – Можа, дзеля таго не хочаш, што са мною? Паскач з Рыпінаю!

Рыпіна была троху ў свеце і лічылася прыгожаю.

– Не, ні з кім не буду, толькі з табою, – пачаў ужо на смешкі біць і ён. – А ты са мною хочаш паскакаць?

– Дый як яшчэ! Сама не ведаю, як хочацца!

Так жартавалі яны, але скакаць усё ж ткі не пайшлі. Троху потым, калі Лявон спыніў гаворку і паглядзеў, хітрун, у бок ад Лёксы, бо музыка маўчала і ўсім усё было відней, – падышоў да Лёксы Банадысёў батрак, схапіў яе за рукі і пацягнуў на польку, бо музыка якраз сарвалася як з ланцуга, – самым вясёлым хадуном.

Ужо тая цёмналеская батракова простасць была не вельмі даспадобы Лявонавай культурнасці і далікатнасці з дзяўчатамі, але што ж? Лёкса ж была невінавата, што Атрахім схапіў яе за рукі і пацягнуў.

Затое справа наладзілася добра апасля, калі кавалёў сын змарыўся і сталі гуляць у лёпушкі. Папраўдзе, гульня дзяціная, але гуляюць у раздураны час і большыя.

Можа, хто з людзей высокае цывілізацыі не ведае тых нашых «лёпушак» ці паспеў ужо забыцца, што гэта за штука, дык уявіць сабе іх дужа лёгка. Адзін, а найчасцей адна – званая «бабаю» – сядзіць на лаўцы, а ўсе гуляюць. Кладзецца тварам у калені «бабе» адзін хто з гуляннікаў або гулянніц і кладзе адзаду на сябе руку дагары далоняю. Другі нехта з іх б'е яго па руцэ, «лёпае». Хто ляжаў, павінен угадаць таго, хто біў, каб ён лёг замест яго. Калі ж не ўгадае, кладзецца сам ізноў.

Ніхто б ніколі не даў веры, што і Лявон будзе з усімі разам гуляць у лёпушкі. А неяк гэтак сталася, што стаў гуляць. Спачатку шлёпаў яго найчасцей Лаўрынька, бо чужыя саромеліся. А з дзяўчат найсмялей першая шлёпнула Лёкса… Шлёпала яна шчыра, з смакам, і, нарэшце, ён мусіў класці руку троху ніжэй, каб не балелі пасля храсткі. Не дзіва, што яе руку ён мог пазнаць адразу, і мусіла часта класціся і яна. Шлёпаць Лёксу было шмат ахвотнікаў, і як перасталі саромецца Лявона – шлёпалі яе па дзве і па тры асобы наперабой і толькі: лёп-лёп-лёп! Лявон лічыў, што гэта нарушае правілы гульні, але дараваў і часам шлёпаў наперабой і сам, толькі што не гэтак дужа, як другія, бо шкадаваў яе храсткоў – храсткоў яшчэ худых, бо маладых, дзявочых.

Пасля лёпушак гулялі ў далікатнейшую гульню, у споведзь, што наўчыўся нехта ад настаўніц ці то з гораду яе прывёз хто. І ізноў жа неяк выйшла, што Лявон быў зроблены папом, а Лёкса была ў яго спаведніцай.

– Ну чым жа ты, сястрыца, грэшная? – з наўмыснаю жартліваю паважнасцю, але з трошку тыхаючым сэрцам спытаўся ён, апынуўшыся з дзяўчынаю вочы ў вочы пад адной вялізнай хусткаю на галаве, замест папоўскае эпітрахілі.

– А во чым!! – куснула яго раптам Лёксачка за вуха і з вясёлым смехам скочыла з-пад хусткі.

І хоць Лявон быў збіты гэтым з панталыку ў сваёй саромлівай надзеі пацалаваць яе пад хусткаю, але і гэта балазе!

Гулялі ў Задумавых тым вечарам і доўга і ўва ўсе ўсякія гульні. Між іншым, «сеялі хмеля»: хадзілі гужам, узяўшыся адзін за аднаго, па хаце, «хмелем» быў Лявон, і ён стукаў чапялою па зямлі, як павадыр кійком, і ўсе пяялі:

 
Расці, хмелю, глыбока,
Расці, хмелю, глыбока,
Караніста, высока,
Караніста, высока!
 

А Лёкса дужа шчыпала «хмеля»…

Пасля ж, калі хадзілі карагодам і пяялі: «Падушачкі, падушачкі ды ўсё пухавыя: каму хачу, каму хачу – таму падарую, каго люблю, каго люблю – таго пацалую», – усе чуць не гвалтам – прызмушчалі чырвоную, з бліскучымі вачыма, Лёксу пацалаваць Лявона, але ён, на жаль, хацеў гэтага так нясмела, так нясмела, што і яна рабілася нясмелаю – і не важылася пацалаваць яго.

Другие книги автора

Купите 3 книги одновременно и выберите четвёртую в подарок!

Чтобы воспользоваться акцией, добавьте нужные книги в корзину. Сделать это можно на странице каждой книги, либо в общем списке:

  1. Нажмите на многоточие
    рядом с книгой
  2. Выберите пункт
    «Добавить в корзину»